Забудзьцеся пра шаблонныя фота. Пакажыце сваю гісторыю.
Ты - не проста твар у кадры. Ты - характар, энергія і непаўторнасць. Мая партрэтная здымка не пра тое, каб «зрабіць прыгожа». Яна пра тое, каб раскрыць вашу сутнасць, злавіць момант вашай упэўненасці, сілы або пяшчоты - і стварыць вобраз, у якім вы пазнаеце сапраўднага сябе. Хочаце ўбачыць сябе так, як бачаць вас тыя, хто вас любіць, ці як вы адчуваеце сябе ў лепшыя моманты? Гэта магчыма. Незалежна ад полу, узросту ці «стандартаў».
Не проста фатаграфія, а вобраз вашай упэўненасці.
За 7 гадоў у партрэтнай фатаграфіі я навучыўся бачыць і паказваць унікальнасць чалавека. Мая задача - не паставіць вас у нязручную позу, а знайсці ваш лепшы ракурс, падкрэсліць індывідуальнасць і стварыць атмасферу, дзе вы раскрыецеся лёгка і натуральна. Я бяру на сябе святло, кампазіцыю, падказкі і вашы сумневы. Ваша задача - прыйсці. Мая - зрабіць так, каб вы сышлі з фота, якімі будзеце ганарыцца гадамі.
Ваш час - цяпер. Не чакайце «ідэальных» умоў.
Праз год вы будзеце глядзець на гэтыя кадры і думаць: «Які (ая) я быў (а) надзвычайны (ая)!». Не чакайце «ідэальнага панядзелка», новай прычоскі ці асаблівай нагоды. Ваша унікальнасць - ужо гатова да здымкі. Замоўце партрэтную сесію сёння - і атрымаеце не проста здымкі, а люстэрка вашай упэўненасці і сілы, якое застанецца з вамі назаўжды.

Колькі каштуе здымка?
Кошт здымкі залежыць ад абранага пакета паслуг, ад 50$ да 200$. Вы можаце азнаёміцца з поўным прайсам на старонцы «Паслугі».
Колькі фатаграфій я атрымаю?
Колькасць фатаграфій вар’іруецца ў залежнасці ад пакета, які вы выбярыце. Звычайна, гэта ад 20 да 100 апрацаваных здымкаў. У тым ліку з глыбокай рэтушшу. Я заўсёды імкнуся аддаваць больш, чым заяўлена ў пакеце.
Як праходзіць здымка?
Аснова партрэтнай фатаграфіі - размова і давер. Пакуль наладжваецца святло я задам Вам шмат пытанняў. Гэта трэба, каб зразумець які Вы чалавек, і менавіта гэта адлюстраваць у партрэтах. Вядома, гэта і своеасаблівая фішка - за першыя хвілін 20 размовы чалавек забывае пра тое, што знаходзіцца перад камерай, расслабляецца і пачынае раскрывацца. Некаторыя пытанні дапамогуць і мне і вам лепш зразумець, што і як мы будзем здымаць. Гутарка - гэта ў цэлым аснова добрай здымкі. Хвілін праз 20-30 пачнецца сапраўдная магія. Як правіла, пачынаючы з гэтага моманту, атрымліваюцца найбольш шчырыя партрэты. Каб зрабіць выдатныя кадры хопіць і 5 хвілін. Але каб прыйсці да іх, трэба прайсці пэўны шлях. Гэта і ёсць асноўная філасофія маёй здымкі.
Што рабіць, калі не ўмею пазіраваць?
Не хвалюйцеся. Падказаць як лепш выглядаць у «кадры» - гэта мая праца. Я з задавальненнем вас накірую і падкажу. Самае галоўнае для мяне - гэта Ваш камфорт. Калі на пляцоўцы зручна, кадры льюцца ракой.
А што калі я дрэнна атрымліваюся на фатаграфіях?
Каб Вы паглядзелі на фатаграфію і атрымалі эфект «Вау!», павінна сысціся шмат фактараў. Пакуль мы размаўляем падчас здымкі, я складаю ў галаве пазл - «ідэальная атмасфера». Вось якія фактары ўплываюць на атмасферу ў кадры (адпаведна і на тое, на колькі здымак атрымаецца файным):
1. Фон
2. Святло
3. Ракурс
4. Аб’ектыў
5. Адзенне
6. Ваш настрой і стан
7. Апрацоўка
Таму - сфатаграфаваць любога чалавека прыгожа і выдатна можна. Трэба толькі стварыць правільную атмасферу.
P.S. Святло і ракурс адыгрываюць вырашальную ролю. Камусьці ідзе прамое святло, камусьці бакавое. Камусьці варта павярнуць твар роўна ў камеру, кагосьці варта здымаць пераважна ў «тры чвэрці». Зрабі два кадры цябе з розным святлом і Вы ўбачыце два розных чалавека. Мая задача як фатографа - зразумець, якое святло падыходзіць Вам, і як менавіта Вас лепш фатаграфаваць. Справа тэхнікі.
Як падрыхтавацца да здымкі?
1. Выбраць рэферэнсы (прыклады жаданых карцінак). Для вырашэння гэтага пытання хачу параіць дадатак «Pinterest», які лёгка знойдзе тое, што Вы шукаеце. У сваю чаргу я дам сваё папярэдняе бачанне Вас у кадры. Скіну спасылку з фатаграфіямі. Не сваімі, гэта падборка таго, што мне падабаецца. Фатаграфіі з рознай атмасферай. Там і акцёры, і бізнэсмэны, і мадэлі. Вы выьярыце 5-10 кадраў, якія адклікаюцца, ці тое, чаго б хацелася атрымаць у выніку.
2. Выбраць адзенне.
Зыходзячы з таго, што Вам падабаецца – мы (ці Вы) вырашыце, што ўзяць з сабой.
3. Выбраць месца здымкі.
Як правіла, гэта фотастудыя. Я выберу лепшую зыходзячы з таго, што мы хочам атрымаць у выніку. Калі трэба — скіну некалькі варыянтаў.
4. Фінальныя рыскі. Простыя рэчы, пра якія часам забываюць:
-выспацца і быць у добрым настроі;
-пагладзіць адзежу, і пажадана пачысціць валікам;
-прыехаць у студыю за 10-15 хвілін.
Вялікім плюсам будзе, калі на тэлефоне Вы прыгатуеце музыку, якая Вам падабаецца.